ВІСКО́ЗНАЕ ВАЛАКНО́,

штучнае валакно, якое атрымліваюць з віскозы. Гіграскапічнае, лёгка афарбоўваецца, мае параўнальна нізкую трываласць і зносаўстойлівасць.

Складаецца з гідратцэлюлозы. Віскознае валакно фармуюць «мокрым» спосабам: для асаджэння выкарыстоўваюць водны раствор сернай к-ты, сульфатаў натрыю і цынку. Вырабляюць у выглядзе неперарыўных ніцей (тэкстыльныя і тэхн., пераважна корд) і штапельных валокнаў звычайнай трываласці і мадыфікаваных высокатрывалых (гл. Палінознае валакно).

Выкарыстоўваюць у сумесі з натуральнымі і сінт. валокнамі для вырабу адзежных тканін, трыкатажу. Прамысл. вытв-сць віскознага валакна пачалі у Вялікабрытаніі (1905). У Беларусі вырабляюць віскозны шоўк і штапель (Магілёўскае ВА «Хімвалакно»), віскозныя ніткі, тэкст. і кордавую тканіну (Светлагорскае ВА «Хімвалакно»).

Літ.:

Серков А.Т. Производство вискозных штапельных волокон. М., 1986.

М.Р.Пракапчук.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)